| Марачкін, Батальёнак і «Сыс» у кліўлэндзкім «Полацаку» |
| Friday, 13 November 2009 | |
6 лістапада ў грамадзкім цэнтры “Полацак” у Стронгсвілі, што недалёка ад Кліўлэнду, штат Агаё, прайшло адкрыцьцё адразу двух выстаў беларускіх мастакоў – “Абярэг” Ягора Батальёнка і “Мае мары” Аляксея Марачкіна – і адбылася сустрэча зь імі.“Полацак” у гэты дзень прымаў у сябе каля сарака беларусаў, якія мелі магчымасьць пазнаёміцца з творамі нашых вядомых мастакоў, паразмаўляць зь імі, задаць цікавячыя пытаньні. Калі Ягор Батальёнак быў у беларускім Кліўлэндзе ўпершыню і не хаваў сваіх уражаньняў і захапленьня ад знаёмства з гэтым месцам і мясцовымі беларусамі. То Аляксея Марачкін можна назваць ужо добрым сябрам нашай дыяспары што жыве ў Агаё. Менавіта рукамі аднаго з лепшых сучасных мастакоў Беларусі быў распісаны іканастас велічна выглядаючай беларускай сьвятыні, што знаходзіцца літаральна за два крокі ад “Полацаку” – царквы Жыровіцкае Божае Маці. Мае непасрэднае дачыненьне спадар Марачкін і да выданьня кнігі Анатоля Сыса “Сыс” (цудоўнаму беларускаму паэту 26 кастрычніка споўнілася б 50 гадоў), з якой чыталіся творы нашага паэта на адкрыцьці выставы: яго графіка упрыгожвае старонкі выданьня. Творы Ягора Батальёнка і Аляксея Марачкіна, беларускія сьпевы ў выкананьні Валянціны Якімовіч ды вершы Анатоля Сыса стварылі па-сяброўску цёплы хатні настрой. === Гэта быў першы досьвед беларусаў Кліўлэнду ў арганізацыі выстаў беларускіх мастакоў як асобнага мерапрыемства. А для Беларускага Музэя ў Нью Ёрку выставы Аляксея Марачкіна і Ягора Батальёнка сталі 20-й і 21-й, арганізаванымі нашай установай. Выказваем удзячнасьць за дапамогу ў арганізацыі выстаў кіраўніцтву грамадзкага цэнтру “Полацак” і пэрсанальна беларусам Кліўлэнду Сьвятлане Белай і Сяргею Раманюку.
|