Навіны arrow Навіны arrow У Ню-Ёрку адчынілася выстава Алеся Марачкіна
Narrow screen resolution Wide screen resolution default color
У Ню-Ёрку адчынілася выстава Алеся Марачкіна Версія для друку
Saturday, 21 February 2009
15 лютага ў Беларускім музэі ў Ню-Ёрку, што месьціцца ў будынку Сабора Сьвятога Кірылы Тураўскага, адбылося адкрыцьцё выставы Алеся Марачкіна "Мае мары". Пасьля ранішняй нядзельнай службы ў Саборы Сьвятога Кірылы Тураўскага ў Брукліне Уладыка Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы япіскап Наваградзкі і Паўночна-Амерыканскі Сьвятаслаў благаславіў адкрыцьцё выставы і пачастунак для яе наведвальнікаў.

Тыдзень для старшыні аб'яднаньня беларусаў сьвету "Бацькаўшчына" і аднаго з заснавальнікаў аб'яднаньня мастакоў "Пагоня" Алеся Марачкіна выдаўся сапраўды насычаным. 7 лютага - на наступны дзень пасьля прылёту ў Ню-Ёрк - ён прыняў удзел у акцыі каля будынку ААН, якая ладзілася супраць палітычнаматываваных прызываў у войска беларускіх хлопцаў. 12 лютага ў будынку Фонда Маршала, што ў Вашынгтоне, адчынілася выстава "Мастацтва супраць дыктатуры". А ў перадапошні дзень свайго візыту ў Злучаныя Штаты Алексей Марачкін адчыніў сваю выставу ў Беларускім музэі ў Ню-Ёрку.
 
Хоць цэлы шэраг прац творцы на працягу наступнага месяца будуць знаходзіцца ў Вашынгтоне, тыя з беларусаў, што жывуць у Ню-Ёрку, таксама маюць выдатную магчымасьць пабачыць Беларусь вачамі Алеся і адчуць яе подых. Хараство прыроды ды хараство нашых вобразаў выдатна перадаецца аўтарам.

 Прынялі ўдзел у адкрыцьці выставы ў Беларускім музэі ў Ню-Ёрку палітык і мастацтвазнаўца Зянон Пазьняк ды кіраўнік грамадскай ініцыятывы "Трэці шлях" Павал Марозаў.

"Ёсьць прыкметы, якія расказваюць пра ўзровень мастака. І нават па гэтай невялічкай выставе можна зразумець, што ён можа ўсё", - сказаў пра вядомага не толькі на Беларусі, але і ў сьвеце аўтара Зянон Пазьняк, якому мастак вядому яшчэ са студэнцкіх часоў.

Тады Алеся цікавілі, што звычайна для маладога творцы, які шукаў рэвалюцыйныя формы, экспрэсіўныя выражэньні. Ён спрабаваў супрацьпаставіць сябе савецкаму "акадэмізму", які ня даў разьвіць свае таленты не аднаму мастаку. І, на шчасьце, Алесь знайшоў сябе: ён пазнаёміўся тады з беларускім мастацтвам, пранікся нацыянальнаю ідэяй, трагізмам народа і нашай мовы. Абраны тады ім шлях і дапамог яму разьвівацца. І зараз ён, без сумневаў, - авангард беларускага мастацтва.

"Без культуралягічнага ўкладу, узьняцьця нацыянальных, мастацкіх, гістарычных, асьветніцкіх пытаньняў ды пытаньняў веры ня будзе беларускай нацыі", - сказаў у сваім выступе Павал Марозаў.

"Дзьве яліны", "Беларуская Джаконда", "Тумановы Вэлюм", "Карсіканская Мадонна", "Заслаўе", "Сьцяна маўчаньня" дэманструюць рознастайнасьць і майстэрства аўтара. Ён здольны перадаць сваімі творамі тое, чым жыве і дыша Беларусь. Сваёй працай Алесь Марачкін спрабуе рабіць тое, што не змаглі зрабіць за 15 гадоў палітыкі - вярнуць беларусаў на шлях беларускасьці.

Наколькі праца нацыянальнай інтэлігенцыі неабходная і карысная для будучыні Беларусі, напэўна, не разумеем зараз не толькі мы, а, магчыма, час ад часу нават і самі творцы. Не проста ж так палотны Алеся Марачкіна не раз зьнішчаліся ды арыштоўваліся: бо любое беларускае пад антынацыянальным гнётам робіцца забароненым...

...Але ж сама ідэя Боская - яна не зьнішчаема. Бо Бог - ёсьць дабро. Рабіць дабро Беларусі і прынесьці дабро на Беларусі - гэта і ёсьць запаветныя мары Алеся "Мары" Марачкіна.

 

 

 

http://belmuseum.org/images/shows/05/1.jpg

 

http://belmuseum.org/images/shows/05/2.jpg

 

http://belmuseum.org/images/shows/05/3.jpg

 

http://belmuseum.org/images/shows/05/4.jpg

 

http://belmuseum.org/images/shows/05/5.jpg

 

http://belmuseum.org/images/shows/05/6.jpg

 

 

 
< Папяр.   Наст. >