| У Вашынгтоне адкрылася выстава «Мастацтва супраць дыктатуры» |
|
| Wednesday, 18 February 2009 | |
12-га лютага ў штаб-кватэры German Marshall Fund of the United States адкрылася выстава беларускіх мастакоў «Мастацтва супраць дыктатуры», а таксама адбылася дыскусія на тэму сытуацыі ў Беларусі з удзелам прадстаўнікоў беларускай дыяспары, дзеячаў культуры, прадстаўнікоў дыпламатычных місій, акрэдытаваных у Вашынгтоне, дзяржаўных структур і няўрадавых арганізацый ЗША.Падчас дыскусій удзельнікі абмяняліся меркаваньнямі адносна сытуацыі ў Беларусі. Абмяркоўваліся апошнія зьмены, так званая «лібэралізацыя», палітыка Эўразьвяза ў дачыненьні Беларусі, а таксама тое, якой павінна быць беларуская палітыка ЗША пры новай адміністрацыі ў Белым доме. Дыскусію мадэраваў Павол Дэмеш, кіраўнік беларускай праграмы German Marshall Fund, у ёй прынялі ўдзел беларускія мастакі Алесь Шатэрнік і Алесь Марачкін, каардынатар супольнасьці «Трэці Шлях» Павел Марозаў, праваабаронцы Ірына Красоўская і Тацьцяна Процька, япіскап Наваградзкі і Паўночна-Амерыканскі Сьвятаслаў. У дыскусіі таксама ўдзельнічаў першы амбасадар ЗША у Беларусі Дэвід Суорц. «Палітыка ў дачыненьні Беларусі павінна быць збалансаванай. І калі Эўрапейскі Зьвяз выбірае палітыку дыялогу з беларускімі ўладамі, то Злучаныя Штаты і пры новай Адміністрацыі павінны захоўваць прынцыповы і каштоўнасны падыход да Беларусі, быць адвакатам свабод і правоў чалавека ў маёй краіне», - адзначыў Павел Марозаў. «У Беларусі, нягледзячы на абвешчаную лібэралізацыю, становішча у сферы беларускай культуры і мовы не стала лепш: драматычна памяншаецца колькасьць навучэнцаў на беларускай мове, дзеячы культуры, якія маюць крытычнае дачыненьне да таго, што адбываецца ў краіне, выцясьняюцца з авансцэны. Сытуацыя нічым ня лепш, чым у Савецкім Саюзе, і працягвае пагаршацца», - заявіў Алесь Марачкін. Колькасьць удзельнікаў дадзенага мерапрыемства ўдвая перавысіла папярэдні прагноз. Прысутнічала больш за 70 чалавек, прадстаўнікі 13-ці дыпламатычных місій, акрэдытаваных у Вашынгтоне, прадстаўнікі Рады БНР, шмат маладых беларусаў ЗША і Канады. Выстава «Мастацтва супраць дыктатуры» - гэта сумесны праект шэрагу беларускіх ініцыятыў Дыяспары, які рэалізуецца пад эгідай Кангрэса новай дыяспары Эўропы і ЗША. Выстава складаецца з 30 прац беларускіх мастакоў і скульптараў, і задуманая, як перасоўная экспазыцыя. У выставе бяруць удзел працы беларускіх мастакоў Алеся Шатэрніка, Алеся Марачкіна, Міколы Купавы, Рыгора Батальёнакі, Генадзя Драздова , Юрыя Платонава, Янкі Рамановіча і Юліі Шатэрнік. Раней яна экспанавалася ў эстонскім парламенце, далей плянуецца яе паказ у Амэрыцы, Канадзе, Скандынавіі і іншых краінах. Арганізатарамі выставы выступілі супольнасьць «Трэці Шлях», "Беларускі моладзевы рух Амэрыкі" і «Беларускі музей у Нью-Ёрку». Выстава стала магчымай пры падтрымцы Агенцтва ЗША па міжнародным разьвіцьці (USAID), German Marshall Fund of the United States, эстонскага НГА «Valgevene Uus Tee», фонду "Адкрытая Эстонія" і іншых партнэрскіх арганізацый. www.3dway.org www.belmov.org www.belmuseum.org
|
| < Папяр. | Наст. > |
|---|